Цяжкасці пад сілу
– Я дома. У поўным сэнсе слова. Гэта і пра работу, і пра месца жыхарства, – заўважае Надзея Вішнеўская.
Рабочы дзень загадчыцы пачынаецца з абходу. У тэрапеўтычным аддзяленні трыццаць коек, з іх вольнымі застаюцца дзве – тры. Нярэдка занятыя ўсе. Праходзяць лячэнне пацыенты з хваробамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання, стрававання, анкапаталогіямі. Да кожнага патрэбны індывідуальны падыход. Добразычлівасць, ураўнаважанасць, засяроджанасць – важныя якасці для ўрача, якія падкрэсліваюць яго прафесіяналізм.
– Хвароба нікому не прыносіць добрага настрою, – адзначае доктар. – На жаль, не ўсіх можна вылечыць. Аднак палепшыць самаадчуванне пацыентаў, паставіць іх на ногі – наш абавязак.
Надзея Генадзьеўна кансультуе пацыентаў у іншых аддзяленнях. Выклікаюць яе ў прыёмны пакой. У кабінеце загадчыцу можна застаць у другой палове дня, калі занята з дакументацыяй. Гэта таксама значны аб’ём работы.
Як заўважае суразмоўніца, справа медыкаў цяжкая і ў фізічным, і ў маральным плане. Патрабуе дысцыпліны і строгага выканання службовых абавязкаў. Цяжкасцяў Надзея не баіцца. Яе адказнасць і працавітасць бяруць выток з вясковага дзяцінства, дзе забавы чаргаваліся з клопатамі на зямлі і па гаспадарцы. Затым была вучоба ва ўніверсітэце, дзе важна ўмець граматна размяркоўваць час і акцэнтаваць увагу на галоўным.
Раён – крыніца вопыту
Медыцыну Надзея выбрала, арыентуючыся на прэстыж прафесіі. Выпускніца Завуццеўскай СШ паступіла ў Віцебскі медуніверсітэт. Фармакалогія і стаматалогія не вабілі, пайшла на лячэбны факультэт. Пасля сярод спецыялізацый аддала перавагу тэрапіі. Узрадавалася магчымасці працаваць у Міёрах.
– Дадому заўсёды хочацца, – гаворыць яна. – Практыку праходзілі ў медустановах Віцебска, але я ніколі не разглядала варыянт застацца ў вялікім горадзе. Вабіў раён як крыніца вопыту. Выкладчыкі ва ўніверсітэце пастаянна заўважалі, што ў правінцыі можна большаму навучыцца.
У 2013-2014 гадах Надзея Генадзьеўна праходзіла ў міёрскай паліклініцы інтэрнатуру. З 2014 па 2017 працавала тут участковым урачом-тэрапеўтам. З водпуску па доглядзе дзіцяці, які расцягнуўся на шэсць гадоў, выйшла ў 2023-м у аддзяленне тэрапіі, якое ў хуткім часе ўзначаліла.
Асабістае шчасце Надзея сустрэла на рабоце. Муж Аляксандр – старшы рэнтгенлабарант. Іх сям’і ідзе адзінаццаты год. Старэйшы сын Дзіма вучыцца ў трэцім класе, малодшы Арцём наведвае старшую групу дзіцячага сада.
Адпачынак для ўрача – час з сям’ёй. Разам забаўляюцца на прыродзе. На падворку ўласнага дома ёсць дзе пабегаць малечы. Для гаспадыні ў радасць клопаты на гародчыку. Бываючы ў родных Клімятах, выпраўляецца з мужам на рыбалку. Таксама ў ліку хобі кулінарыя, спрабуе вышыўку.
Работа захапляе
Работу Надзея Вішнеўская таксама называе захапленнем.
– Калі сваёй справай не захапляцца, працаваць не будзеш. Па-ранейшаму лічу медыцыну прэстыжнай. Мо-
ладзь ідзе з прафесіі, спасылаючыся на цяжкасці. Аднак у любой сферы свае складанасці, – падкрэслівае яна. – Мне добра тут працаваць. Пашыраю веды, атрымліваю багаты вопыт. У нас згуртаваны калектыў, што важна. Удзячна былой загадчыцы аддзялення Таццяне Сычовай, з якой працуем поруч, спецыялістам з іншых аддзяленняў. Ведаюць сваю справу медсёстры і малодшы персанал. Без калектыву працаваць адзін не будзеш.
Як заўважыла Надзея, студэнтамі яны вучыліся ля ложка пацыента. Таму на пачатку працоўнай дзейнасці чаканні супалі з рэальнасцю. І цяпер штодня ў стасунках з хворымі, якім дапамагае ісці на папраўку.
Сама ўрач-тэрапеўт адчувае сябе хораша. Таму што на сваім месцы. Таму што дома. Дзе, як кажуць, і сцены лечаць.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва Надзеі ВІШНЕЎСКАЙ.


