-

У Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы адзначылі традыцыйнае Купалле

  • 07 июль, 2026

Дзяўчаты Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы адсвяткавалі традыцыйнае беларускае свята Купалле, прымеркаванае да перыяду летняга сонцастаяння. Мерапрыемства, арганізаванае адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам бальніцы, было напоўнена атмасферай магіі, яднання з прыродай і старажытнымі традыцыямі.

Для ўдзельніц падрыхтавалі насычаную праграму. Яна ўключала выязны майстар-клас па пляценні вяночкаў з палявых кветак, што дазволіла акунуцца ў старажытны абрад, які сімвалізуе маладосць і надзею. Адмыслова быў распрацаваны займальны Купальскі квэст, падчас якога ўдзельніцы праверылі свае веды аб лекавых травах Беларусі і пазнаёміліся з іх уласцівасцямі.

 

Удзельнікі свята пазнаёміліся з багатай гісторыяй Купалля, яго абрадамі і вераваннямі. Самыя ўважлівыя, збіраючы па кавалачках карту, змаглі знайсці міфічную Папараць-кветку, што прынесла нямала радасці і весялосці.

Як адзначыла старшыня прафсаюзнага камітэта бальніцы Наталля Варанцова:

– Купалле – гэта наш генетычны код, сувязь з продкамі і магчымасць адчуць прыгажосць роднай зямлі. Гэтыя традыцыі вучаць нас шанаваць прыроду, адзінства і нагадваюць, што мы існуем, пакуль памятаем свае карані. Такія мерапрыемствы не толькі аб'ядноўваюць калектыў, але і даюць магчымасць адпачыць душой, набрацца сіл і захаваць наша культурнае багацце.

Купалле – найстаражытнае свята, якое адзначалі ў перыяд летняга сонцастаяння, калі росквіт прыроды дасягае найвышэйшай кропкі. У падзяку за падарункі жыцця, як раз перад жнівом, людзі святкавалі яднанне з прыродай, варажылі і загадвалі жаданні аб лепшай долі. Гэтае мерапрыемства стала яркім пацверджаннем таго, што памяць аб сваіх каранях жыве і перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Top
We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…