Размеркаванне – дадому
У зоне абслугоўвання Ідолтаўскага ФАПа 16 населеных пунктаў. Жыхароў некаторых можна пералічыць на пальцах адной рукі. Фельчар у адказе за здароўе 280 сяльчан. Сярод іх 36 дзяцей, у тым ліку немаўля да года.
– Калі пачынала працаваць, насельніцтва на ўчастку было ледзь не на палову больш. Дзейнічаў ФАП у вёсцы Урбанава, дзе таксама прымала пацыентаў. Раз у паўгода павінна праводзіць агляд кожнага жыхара на сваім участку, – расказвае.
У студэнцкія гады Юлія Протас зусім не думала, што будзе фельчарам у сельскім ФАПе. Добра вучылася і намеравалася працаўладкавацца ў горадзе. Размеркаванне атрымала на Міёршчыну, дзе мелі патрэбу ў медыках.
– Прапанавалі два варыянты: медсястра ў Міёрскай паліклініцы або фельчар на ФАПе ў Ідолта. Выбрала другі, бо тут больш стасункаў з людзьмі, – прыгадвае суразмоўніца. – Першым часам складана было. Родам я з Чэрасаў, гэтыя мясціны не ведала. Дзякуючы санітарцы Таццяне Ломаш, з якой і цяпер працуем, вывучыла мясцовых жыхароў, даведалася, з кім як стасункі будаваць. Што да спецыфікі дзейнасці, часта звярталася па кансультацыю да вопытнага фельчара Чэраскага ФАПа Ірыны Варонька. Паступова ўнікла ў справу.
Прафесійныя планы і асабістыя прычыны
Як і большасць маладых спецыялістаў, Юлія збіралася адпрацаваць размеркаванне і падацца ў горад. Прафесійныя планы змянілі асабістыя прычыны. Першы год работы адметны знаёмствам з будучым мужам.
– Дзмітрый толькі з арміі прыйшоў. Сам міярчанін, яму вельмі спадабаліся Чэрасы, іх спакой і маляўнічасць. Вырашылі застацца тут, дом пабудавалі. Цяпер не шкадуем, – расказвае. – Муж на металапракатным заводзе працуе. Уладкаваўся вартаўніком, калі пачыналі ўзводзіць прадпрыемства, пасля прайшоў навучанне па прафесіі тэрміста. У нас дзве дачушкі. Валерыя вучыцца ў трэцім класе, Караліна ходзіць у дзіцячы сад. Люблю актыўна праводзіць час з сям’ёй: пікнік у двары, рыбалка на возеры, паездкі ў суседнія райцэнтры.
Другі год, як Юлія выйшла з водпуску па доглядзе за дзіцём. На работу дабіраецца на сваім аўтамабілі. Вадзіцельскія правы атрымала ў той жа год, што і дыплом.
– Напэўна, на ўсё жыццё запомніцца ўдзел у раённым конкурсе «Аўталэдзі», дзе прадстаўляла ЦРБ. Усяго некалькі месяцаў з правамі – справіцца з іспытамі было няпроста, – прыгадвае. – З цікавасцю ўдзельнічала ў іншых конкурсах і спаборніцтвах, выступала вядучай на мерапрыемствах.
Актыўнасць у грамадскім жыцці ўстановы і адказнае стаўленне да працоўных абавязкаў адзначала адміністрацыя. Чарговую ўзнагароду – Ганаровую грамату ЦРБ – Юлія атрымала сёлета да Дня медыка.
Тры складнікі здароўя
Сярод прычын, па якіх засталася на Ідолтаўскім ФАПе, Юлія называе наступную:
– Людзі тут добрыя. Ні разу не здаралася канфліктаў. Так, ёсць тыя, каго трэба ўгаворваць прайсці дыспансерызацыю. Асабліва гэта мае дачыненне да мужчын.
Цяпер фельчар ведае змест медыцынскай карткі кожнага жыхара свайго ўчастка. Заўважае, часцей за ўсё сяльчан непакояць ціск і праблемы з суставамі. Распачаўся сезон прастудных захворванняў. Хтосьці жадае зрабіць прышчэпку супраць грыпу. Для самой Юліі гэта ўжо рэч натуральная.
– Праходжу вакцынацыю сама, робяць прышчэпкі муж і дзеці. Пераканаліся ў іх эфектыўнасці. Нават калі здараецца захварэць, працэс працякае больш мяк- ка і лёгка, – адзначае медык.
На ФАПе наведвальнікі штодня. Прыходзяць на працэдуры, за лекамі, па кансультацыю. Раз на тыдзень прыязджае ўрач агульнай практыкі з Даўгінаўскай амбулаторыі. У сяльчан ёсць магчымасць на месцы здаць аналізы, зрабіць кардыяграму, прайсці дыспансерызацыю.
Наведвае фельчар вяскоўцаў дома. На абход па сваёй зоне абслугоўвання выпраўляецца на веласіпедзе. Юлія пераканана, што ўмераная фізічная актыўнасць – адзін з трох важных складнікаў здароўя. Таксама ў іх ліку называе збалансаванае харчаванне і пазітыўны настрой. Стараецца сама прытрымлівацца гэтых прынцыпаў.
https://mijory.by/rubriki/obshhestvo/miorchanka-yuliya-protas-mediczina-manila-s-detstva
