-

От поколения к поколению: история медсестры Веры Башун

  • 27 авг, 2024

Для ўшачанкі В.В.Башун сёлетні год – асаблівы: адразу з двума ўласнымі юбілеямі. Прыгожую лічбу восенню засведчыць пашпарт, у ліпені ж зрабіла гэта яе працоўная кніжка. Аказваецца, у медыцыну Вера Васільеўна прыйшла роўна 50 гадоў таму – і ўвесь гэты час нязменна адпрацавала ва Ушацкай цэнтральнай райбальніцы. Побач з ёй – па-ранейшаму бадзёрай і актыўнай – пачэснай справай займаюцца тут і дачка Ірына, і ўнучка Вікторыя. Прафесія медсястры стала для іх сямейнай.

“Жаданне дапамагаць людзям, напэўна, было ў крыві, раз вырашыла паступаць менавіта ў медвучылішча, – расказвае ўраджэнка вёскі Гарадок. – З захапленнем назірала за работай фельчараў, якія хадзілі па дамах, прыязджалі на медагляд у школу. Да таго ж хімію, біялогію любіла, хаця сядзець за падручнікамі не было калі: з сёстрамі дапамагалі бацькам, бабулям і дзядулям – у сям’і заўсёды была вялікая падсобная гаспадарка, не кажучы пра агароды. Але ж атрыманых падчас паступлення ў Полацкае медвучылішча адзнак, напэўна б, і на інстытут хапіла. У гэтым, дарэчы, таксама бачу знак лёсу: значыць, менавіта медыцынскай сястрой, а не доктарам, мне было наканавана стаць”.

Праверку на “трываласць” давялося прайсці яшчэ падчас вучэбнай практыкі. Калі студэнтаў упершыню прывялі на аперацыю, і Вера Васільеўна ўбачыла на стале пацыента з разрэзаным жыватом, страціла прытомнасць. Хацела пасля гэтага нават кінуць вучобу, але паступіла інакш: “узброілася” нашатыром, які заўсёды насіла з сабой. Праўда, для сябе ён больш не спатрэбіўся – да неад’емных складнікаў прафесіі В.В.Башун хутка прывыкла.

У 1974-м, калі заканчвала вучылішча, ва Ушачах як раз адкрывалася новая райбальніца. Патрэбна было шмат спецыялістаў – і галоўны ўрач Браніслаў Мікалаевіч Крыжэўскі асабіста прыехаў на размеркаванне, дзе ў ліку выпускнікоў прыгледзеў і сваю зямлячку. У горадзе тая заставацца не хацела, таму з радасцю вярнулася ў родны раён і нават на працу паспяшалася раней патрэбнага – не ў жніўні, а 1 ліпеня.

“Хоць і прайшло ўжо паўстагоддзя, але добра памятаю свой першы рабочы дзень, – расказвае Вера Башун. – Прывялі мяне ў хірургічнае аддзяленне, дзе загадчыкам бы Уладзімір Аляксандравіч Бяляеў, паказалі палаты, абазначылі “зону адказнасці” і сказалі: “Прыступай!”. У той час, дарэчы, усё было інакш: на кожным пасту – пад 50 ложкаў, якія практычна ніколі не пуставалі, шпрыцы выкарыстоўваліся шматразовыя – кожны раз даводзілася замачваць, прамываць, кіпяціць… Круцілася, як кажуць, як вавёрка ў коле, аднак такую занятасць любіла”.

Пасля дэкрэтнага адпачынку заступаць на сутачныя змены стала праблематычна – і Вера Васільеўна папрасілася ў паліклініку. Так яна аказалася ў хірургічным кабінеце, у якім адпрацавала 35 гадоў. Урачы тут нярэдка мяняліся, яна ж заставалася верная справе – бінтавала, гіпсавала, апрацоўвала… За дзвярыма ж – заўсёды “сцяна” пацыентаў, усім патрэбна тэрміновая дапамога. Улічваючы ж тое, што адразу ўсіх хірургаў маглі зранку заняць на аперацыях, іх памочніцы даводзілася несалодка: спачатку незадаволеных супакойваць, а пасля даручэнні траіх дактароў адначасова выконваць.

Уласныя праблемы са здароўем прымусілі змяніць спецыфіку. Апошнія 12 гадоў Вера Васільеўна працуе ў анкалагічным кабінеце. Як прызнаецца, фізічна стала прасцей, але маральна – надзвычай цяжка! “Адваротны бок прафесіі”, – скажуць адны. “Асабістая трагедыя, – запярэчыць Вера Башун, якая добра ведае ўсіх сваіх пацыентаў. – Я заўсёды рада знаёмствам, але толькі не ў кабінеце анколага! Папярэдзьце страшную хваробу – не забывайцеся пра дыспансерызацыю, хаця б раз у год здавайце аналізы, праходзьце ўльтрагукавое даследаванне”.

Такую параду дае землякам і медсястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Ірына Васільеўна Маковіч, дачка нашай гераіні. Прафесію, якой прысвяціла ўжо 30 гадоў, яна абрала па прыкладзе маці: бачыла, як тая “гарыць” сваёй справай, дае карысныя парады суседзям, знаёмым. Гэтак жа адвучылася на медсястру ў Полацку, вярнулася на малую радзіму і зараз шчыруе ў масажным і ЛФК кабінетах. У інфекцыйным жа аддзяленні прафесійнага вопыту набіраецца ўжо яе дачка Вікторыя Карчэўская.

Шчыльны графік усіх траіх нячаста дазваляе сабрацца разам. Калі ж атрымліваецца – любяць у прыгожым палісадзе самай старэйшай пасядзець, сямейныя альбомы пагартаць і, вядома, пра медыцыну пагутарыць. Яна ў сям’і Веры Васільеўны, здаецца, будзе вяршэнстваваць заўсёды.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.  газета «Патрыёт» Ушачского района

Top
We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…